СЬВЯТЫ ДУХ (РУКХА хол-ХОДШУА)

Дух (πνεῦμα / пневма), сустракаецца ў Новым Запавеце 383 разы.
Сьвяты Дух (Рукха хол-Ходшуа) гэта трэцяя Асоба пасьля Госпада Улгіма Яўгу Айца, які ёсьць Духам, (Яна 4:24), і Госпада Малкхіула Яўгушуа Месіі Сына, які цяпер, сідзячы справа каля Айца, (Эфесцам 1:20), таксама ёсьць Духам.

Сьвяты Дух ёсьць агульным Духам Госпада Айца й Госпада Сына, бо сказана “Я й Айцец ёсьць адно”, (Яна 10:30). Сама Асоба Сьвятога Духа ў Бібліі не удакладняецца. За выключэньнем таго, што сказаў Яўгушуа Месія: “Я папрашу Айца й Ён дасьць вам іньшага (ἄλλον / алон = іньшы, але такога самага кшталту) Памагатага”, (Яна 14:16).

Як мы ведаем, у кожнага чалавека ёсьць дух, які адказны за яго сьвядомасьць. Таксама ёсьць агульны дух у супольнасьці людзей. Дык у Госпада Айца ёсьць Дух і ў Госпада Сына ёсьць Дух. І гэта іх агульны Дух, які працуе так, як напісана ў Сьвятым Рукапісу. Гэта Сьвяты Дух

У Старым Запавеце Ён лунаў над стварэньнем, а пазней зьяўляўся на асобных людзей і рабіў ім памазаньне на працу, да якой яны былі пакліканыя. На пяцідзясятніцу Сьвяты Дух зьявіўся бапцізіць Дом Яўгу Ўлгіма й зрабіць зь іх людзей Месіі Яўгушуа. Ён прыйшоў, каб адгэтуль пасяліцца ў кожнага верніка. Ён зьявіўся ўхваляць Айца. 

Святы Дух мае шмат служэньняў. Ён пасяляецца ў кожнага верніка, каб задаволіць яго патрэбы. Ён адзіны, хто прыносіць адраджэньне й збавеньне ў нашае жыцьцё. Ён зьявіцца пераканаць сьвет у яго грэшнасьці. Ён будзе пераконваць нас у праведнасьці Месіі Яўгушуа, як адзінай асобы, якая адпаведная памерці за нашыя грахі. Ён зьявіцца пераканаць нас у судзе Ўлгіма Яўгу, які мае адбыцца. 

Кожны вернік населены Ім. Кожны вернік таленавіты ад Яго. Кожны вернік здольны й памазаны Сьвятым Духам рабіць усё й кожнае, што Яўгу Ўлгім закліча нас рабіць. Гэта праца і служэньне Сьвятога Духа.

Сьвяты Дух: «І глядзеце, Я пасылаю абяцаньне Айца Майго на вас, але пабудзьце яшчэ ў горадзе пакуль вас не апране звышздольнась (δύναμιν / дінамін) з сьвету, які над гэтым», (Лукі 24:49).

«Прымайце Духа Сьвятога. Калі якія грахі вы ім адпускаеце, тыя адпушчаныя, клі якія затрымаеце, тыя (грахі ім) затрыманыя», (Яна 20:22-23).

“А мы цяпер прынялі ня духа сьвету, а Духа, які ад Улгіма Яўгу, каб мы маглі ведаць тое, што нам даецца Улгімам Яўгу зь Яго прыхільнасьці, тое, што мы мовім ня словамі, якімі вучыць чалавечая мудрась, а якімі вучыць Сьвяты Дух, тлумачачы духоўныя (думкі) духоўным (словам).

Але адушаўлёны (ψυχικόν / псіхікон) чалавек не прымае тое, што ад Духа Ўлгіма Яўгу, бо яно для яго глупства, і ён ня можа яго зразумець, бо яно распазнаецца духоўна.

А  адухаўлёны (πνευματικόν / пневматікон), ацэньвае ўсё, хоць ён не ацэньваецца нікім. Бо хто спазнаў розум Госпада, каб ён наставіў Яго? Але ж мы маем розум Месіі Яўгушуа”, (1 Карыньцянаў 2:12-16).

“Таму цяпер няма пракляцьця тым, хто ў Месіі Яўгушуа, хто паводзіць сябе не паводле цела, а паводле Духа. Бо закон Духа жыцьця ў Месіі Яўгушуа зрабіў мяне вольным ад закону грэху й сьмерці. Бо тое, што закон ня змог зрабіць, таму што быў слабы праз плоць, Улгім Яўгу, паслаўшы Свайго ўласнага Сына ў падабенстве грэшнай плоці й (як сплату) за грэх, пракляў грэх у плоці, каб патрабаваньні закону былі выкананыя ў нас, хто паводзіць сябе не паводле плоці, а паводле Духу

Бо тыя, хто жывуць паводле плоці, дбаюць пра плоцкае, а тыя, хто паводле Духу – пра духоўнае. Таму што мэтаю плоці ёсьць сьмерць, а мэтаю Духа ёсьць жыцьцё і мір. Бо мэта плоці варожая Ўлгіму Яўгу, таму што яна не суб’ект Закону Ўлгіма Яўгу, і сапраўды, ёю быць ня можа. Дык тыя, хто ў плоці, дагадзіць Улгіму Яўгу ня могуць. Але вы ня ў плоці, а ў Духу, калі сапраўды Дух Улгіма Яўгу пражывае ў вас, і калі які чалавек ня мае Духа Месіі Яўгушуа, ён ня з тых, хто Яго. 

І калі Месія Яўгушуа ў вас, дык цела мёртвае праз грэх, а Дух ёсьць жыцьцём праз праведнасьць. Але калі Яго Дух, які падняў Месию Яўгушуа зь мёртвых, пражывае ў вас, дык Ён, падняўшы Месію Яўгушуа зь мёртвых, ажывіць вашыя сьмяротныя целы праз Свайго Духа, які пражывае ў вас. Так што, браты, мы даўжнікі ня плоці, каб жыць паводле плоці. Бо калі вы жывяцё паводле плоці, вы амаль паміраеце, а калі Духам вы сапраўды ўмярцьвеце дзеі цела, будзеце жыць”, (Рымлянаў 8:1-13).

«Гэта Дух ёсьць прычынаю жыцьця. Плоць не дае карысьці. СЛОВЫ, якія Я кажу вам, яны ёсьць ДУХАМ, і яны ёсьць жыцьцём», (Яна 6:63).

“Але, як напісана: “Ні вока ня бачыла, ні вуха ня чула, і ў сэрца чалавека не ўвайшло тое, што Ўлгім Яўгу падрыхтаваў тым, хто любіць Яго”. Але Ўлгім Яўгу адкрыў гэта нам Сваім Духам, бо Дух дасьледуе ўсё, нават глыбіні Ўлгіма Яўгу. Бо які чалавек ведае думкі чалавека, акрамя духа чалавека, які ў ім? Якраз так і думкі Ўлгіма Яўгу ніхто ня ведае, акрамя Духа Ўлгіма Яўгу”, (1 Карыньцянаў 2:9-11).

“Але ці скажа хтосьці як уваскрашаюцца мёртвыя й у якім целе яны зьяўляюцца? Вось дурань! Тое, што ты сееш, не ажывае, калі не памрэ; і тое, што ты сееш, ты сееш не як цела, якое будзе, а як звычайнае зерне, можа пшанічнае ці якое іньшае. А Ўлгім Яўгу дае яму цела такое, якое Ён хоча, і кожнаму зярняці – яго ўласнае цела. 

Не ўсякая плоць ёсьць той самай плоцьцю: адна плоць чалавечая, другая плоць жывёльная, іньшая плоць птушыная, яшчэ іньшая рыбная. І ёсьць целы нябесныя й целы зямныя; але ў нябесных хараство адно, а ў зямных іньшае. Іньшае хараство ў сонца, і іньшае хараство ў месяца, і іньшае хараство ў зорак; бо зорка ад зоркі адрозьніваецца хараством.

Таксама й уваскрэсеньне мёртвых. Сеецца ў псаваньне – уваскрашаецца ў непсуемнасьці; сеецца ў ганьбе – уваскрашаецца ў славе; сеецца ў слабасьці – уваскрашаецца ў здольнасьці; сеецца цела адушаўлёнае (ψυχικόν / псіхікон), а ўзыходзіць цела адухаўлёнае(πνευματικόν / пнэвматікон). Як ёсьць цела адушаўлёнае, так і ёсьць адухаўлёнае

Таксама й напісана: “Першы чалавек, Адам, стаў жывою душою”; апошні Адам – жыватворным духам. Аднак не адухаўлёнае першае, а адушаўлёнае, потым адухаўлёнае. Першы чалавек – ад зямлі, зроблены зь зямлі; другі Чалавек – ад набёсаў. Які той, хто зроблены зь зямлі, такія й тыя, хто зробленыя зь зямлі, і які Нябесны, такія й тыя, хто нябесныя; і як мы насілі вобраз таго, хто зроблены зь зямлі, так будзем насіць і вобраз Нябеснага.

Цяпер, браты, скажу вам вось што: цела й кроў атрымаць у спадчыну Царства (βασιλείαν / васіліан) Ўлгіма Яўгу ня могуць, і псаваньне ня можа мець спадчыну ў непсуемасьці. 

Вось кажу вам таямніцу: ня ўсе мы засьнем, але ўсе пераменімся, раптоўна, у імгненьне вока, пры апошняй трубе; бо затрубіць яна, і мёртвыя будуць уваскрэсеныя несьмяротнымі, і мы пераменімся. Бо патрэбна, каб гэтае псуемае апранулася ў непсуемнасьць, і гэтае сьмяротнае апранулася ў несьмяротнасьць. І калі гэтае псуемае апранецца ў непсуемнасьць, і гэтае сьмяротнае апранецца ў несьмяротнасьць, тады спраўдзіцца напісаннае слова: “Перамога паглынула сьмерць””, (1 Карыньцянаў 15:35-54).