РАЗУМЕНЬНЕ СЬВЯТОГА СЛОВА

“Ўсім сэрцам сваім давярай Яўгу Ўлгіму з надзеяю, і не схіляйся да свайго ўласнага разуменьня”, (Прыпавесьці 3:5).

Разуменьне ёсьць крыніцаю жыцьця таму, хто мае яго”, (Прыпавесьці 16:22).

“Мы ведаем, што Сын Улгіма Яўгу з’явіўся й даў нам разуменьне, каб мы маглі ведаць Таго, хто ёсьць сапраўдным. І мы існуем у Тым, хто сапраўдны, у Яго Сыне Яго, Яўгушуа Месіі. Ён ёсьць сапраўдным Улгімам і жыцьцём вечным”, (1 Яна 5:20).

“Бо мы прапаведваем не самых сябе, а Месію Яўгушуа, Госпада, і сябе, як рабоў вашых дзеля Яўгушуа Месіі. Бо Ўлгім Яўгу, які загадаў сьвятлу зьзяць зь цемры, зазьзяў у сэрцах нашых, каб даць сьвятло разуменьня славы Ўлгіма Яўгу ў абліччы Месіі Яўгушуа”, (2 Карыньцянаў 4:5-6).

“Таму я таксама, пасьля як пачуў пра вашую веру ў Госпада Яўгушуа Месію й любоў да ўсіх сьвятых, не спыняюся дзякаваць за вас, калі узгадваю вас у сваіх малітвах. Каб Улгім нашага Госпада Яўгушуа Месіі, Айцец славы, мог даць вам духа мудрасьці й адкрыцьця ў веданьні Яго, праліўшы сьвятло ў вочы вашага сэрца і розуму.

Каб вы даведаліся, што гэта за надзея Яго пакліканьня, і якія багацьці славы Яго спадчыны ў сьвятых, і якая бязьмерная веліч Яго звышздольнасьці да нас, хто верыць, адпаведна дзеяньню магутнасьці Яго сілы, якою Ён працаваў у Месіі Яўгушуа, падняўшы Яго зь мёртвых і пасадзіўшы Яго справа каля Сябе ў нябесным сьвеце, нашмат вышэй усалякага начальства, і ўлады, і ўраду, і панаваньня, і кожнага імя, названага ня толькі ў гэтым сьвеце, але й у тым, што ідзе.

І Ён паклаў усё пад ногі Ягоныя й даў Яму быць галавою над усім дзеля Дома Свайго (эклезіі), які ёсьць целам Ягоным (духоўным), паўнінёю Таго, хто напаўняе ўсё ва ўсім”, (Эфесцаў 1:15-23).

“Таму я прашу вас не разгубляйцеся з-за маіх журботаў за вас, якія ёсьць славаю вашаю. Я схіляю калені мае перад Айцом нашага Госпада Яўгушуа Месіі, ад якога ўся сям’я на небе й на зямлі названая, каб Ён мог даць вам адпаведна багацьцяў Яго Славы, здольнасьць узмацніцца Яго Духам ва ўнутранім чалавеку.

Каб Месія Яўгушуа мог пражываць у сэрцах вашых вераю. Каб вы, будучы ўкаранёнымі й заснаванымі ў любові, маглі быць здольнымі зразумець з усімі сьвятымі якая гэта шырыня, і даўжыня, і глыбіня, і вышыня; і ўспрыняць любоў Месіі Яўгушуа, якая абмінае веды. Каб вы маглі стаць целам цалкам напоўненым і перапоўненым Улгімам Яўгу”, (Эфесцаў 3:13-19).

Віктар Яржэмкоўскі. Шлях да новага жыцьця

З 90-х гадоў я стаў адчуваць патрэбу нешта шукаць, але ня ведаў што. Нешта такое, што ёсьць нябачным, што мне патрэбнае для жыцьця. Праваслаўе было за межамі маёй цікавасьці, бо там занадта бачныя аздабленьні й рытуалы. Аднойчы, 31 сьнежня я пайшоў у Чырвоны касьцёл, але знутры мне там не спадабалася з тае ж прычыны. Пра баптыстаў на той час я ня ведаў нічога й Бібліі ў нашым доме ніколі не было.

На пачатку 2002 года ў мяне адбылася сустрэча з амэрыканскім місіянэрам Сьцівам Камінсам і ён запрасіў мяне на служэньне, якое адбывалася штонядзелю ў памяшканьні сталовай царквы “Віфлеем”. Упершыню я пачуў казань Дабравесьця. Яна мяне вельмі кранула. Апрача таго, я ўбачыў абсалютна іньшую манеру паводзінаў людзей. Яны былі вельмі ветлівыя, сьпявалі й маліліся так, як размаўлялі з блізкім і дарагім Чалавекам. Напрыканцы мы пілі гарбату, частаваліся печывам і размаўлялі, як вельмі блізкія сябры. Гэтай падзеяй я был вельмі ўражаны.

Я зразумеў, што напаткаў тое, што шукаў, і, што адбываецца прынцыповы момант майго жыцьця. У наступную нядзелю я ішоў у царкву, якая называлася “Сьвятло надзеі”, як на крылах. Я разумеў, што патрапіў у нешта такое, адкуль ужо ніколі не пайду назад і сам сябе запытаў: “На якой мове ты будзеш маліцца, на якой мове ты будзеш размаўляць з Госпадам у сэрцы сваім: на расейскай, беларускай ці ангельскай?” І сам сабе адказаў: “На беларускай.” А беларускай мовай у царкве ніхто не карыстаўся, і я таксама толькі пачынаў.

Усе ведалі маю прыхільнасьць да беларускай мовы й, як толькі зьявілася выданьне Бібліі ў перакладзе В. Сёмухі, мне яго адразу прынесьлі, як падарунак. Біблію я чытаў няспынна, таму досыць хутка ўзрастаў. Спачатку мая адукацыя радыёфізіка, скончыўшага БДУ ў 1973 г., замінала мне разумець стварэньне сьвету па Бібліі, а пасьля ўсё стала на свае месцы. Больш за тое, сёньня парадокс дзьвюх блізьнятаў з тэорыі адноснасьці Энштэйна для мяне ёсьць цудоўнай ілюстрацыяй Сьвятога Слова.

У жнівені таго ж году я ня мог дачакацца калі Сьціў Камінс вернецца з вакацыяў, каб мне бапцізіцца. Гэта адбылося вельмі ўрачыста ў баптыстэрыі царквы “Сьвятло Евангелля” 22 верасьня. Сьціў Камінс прачытаў казань, а прапаведнік з Паўночнай Ірляндыі Сьціў Кэры мяне бапцізіў. Падчас гэтай падзеі мая дачка Юлія грала на аргане “Такату й фугу рэ-мінор” І.С.Баха й мы ўсе адчувалі сябе, як на небе. А калі пасьля пераапрананьня я спускаўся па прыступках зь верхняга пакоя на сцэне, мне сталі пляскаць ў ладкі, дык я адчуў сябе, як ніколі ў жыцьці, на трэцім небе, як кажа Павал у 2 Кар. 12:2. Я ўжо не кажу пра віньшаваньні, якія былі пасьля.

У 2004 годзе Сьціў Камінс вярнуўся ў ЗША. Таму мы ў царкве сталі самі па чарзе прапаведаваць Дабравесьце й мае прамовы былі па-беларуску. У гэты час я сустрэў перакладчыка Ўладзімера Бараніча. Ён мне распавёў пра свае веды й крыніцы наконт Імя Госпада. Лічыцца, што Імя Госпада захавалася ў рукапісах толькі ў выглядзе зычных літараў YHWH, якія ніхто ня ведае як вымаўляць, таму паміж імі падставілі галосныя літары ад слова Аданай і атрымалася Імя Егова. З крыніцаў, якія даў мне У.Бараніч, вынікае, што Імя Госпада не магло не захавацца ў імёнах Яго народу, народу, якому Ён столькі адкрыў і столькі зрабіў. Гэтым Імём ёсьць Імя Яўгу. Я знайшоў гэты аргумэнт пераканаўчым напоўніцу, і цяпер, дасьледуючы вершы з Бібліі, я сустракаю гэтае Імя ў імёнах шмат якіх асобаў Старога Запавету. Тлумачэньні й крыніцы на гэты конт дадзены тут

Такім чынам, я вызнаю Імя Айца – Яўгу, а імя Сына – Яўгушуа (Яўгу + шуа = Яўгу збаўляе). Але веданьне Імя Госпада аўтаматычна не гарантуе цьвёрдай веры, бо вера дзейнічае празь любоў, то бок праз сьледаваньне за Сьвятым Словам. А як існуе шмат прыкладаў цудоўнай веры тых, хто вызнае Імя Збаўцы па-грэцку, дык, калі мы трымаемся Сьвятога Слова, неістотна, на якой мове мы зьвяртаемся да Айца й Сына. І так іхнія Імёны вымаўляюцца ў розных краінах не аднолькава. Таму я ў прысутнасьці новых людзей зьвяртаюся да Збаўцы адразу й па-габрэйску, і па-грэцку: Яўгушуа Месія / Ісус Хрыстос.

Што мне гэта дае? Жаданьне быць бліжэй да першакрыніцы Сьвятога Слова вынікае з жаданьня глыбей разумець Госпада, лепей усьведамляць Яго прысутнасьць і шчыльней набліжацца да Яго. Дасьледаваньне Сьвятога Слова й этымалёгіі габрэйскіх і грэцкіх словаў праз добра распрацаваныя англамоўныя крыніцы надае мудрасьці, духоўнага разуменьня й бачаньня, узмацняе веру й дае адказы на пытаньні жыцьця. Таму ўсе цытаты зь Бібліі, якімі я карыстаюся ў сваіх казаньнях і на гэтым сайце, дадзены ў маёй рэдакцыі.

Прапаведнік Дабравесьця Віктар Яржэмкоўскі

Мікалай Кійка. Як я стаўся хрысціянінам

Упершыню я атрымаў Евангелле па-беларуску з рук пастыра “Беларускай Эвангельскай Царквы” Эрнста Сабілы. Гэта адбылося на пачатку 90-х гадоў 20 стагоддзя. Але адбылося не выпадкова. Бо ўжо перад гэтым мяне вельмі кранулі “казаньні” на беларускай мове прапаведніка Евангелля з Канады, нашага суайчынніка Юркі Рапецкага. І калі я аднойчы пачуў палымяны выступ Эрнста Сабілы каля помніка Янку Купалу, то ў мяне ўзнікла неадольнае жаданне пагутарыць з ім. Звёў мяне з ім адзін малады чалавек, які прыйшоў неяк на прыём да мяне ў Мінгарсавет. А я працаваў там памочнікам намесніка старшыні Мінгарсавета Анатоля Гурыновіча…

Доўгія 10 год пасля знаёмства з Божым Словам я быў воддаль ад Хрыста. Хоць і набліжаўся да Яго пакрысе. Удзельнічаў у сходах вернікаў-хрысціян, кансультаваў некаторыя хрысціянскія грамады ды грамадзянскія супольнасці па пытаннях дзяржаўнай рэгістрацыі. Але мой духоўны стан быў нездавальняючы. Бо я ніяк не мог пачаць маліцца. У мяне ніяк не атрымлівалася ўсталяваць больш блізкія адносіны з Богам. А я гэтага вельмі жадаў. Пра адзіны шлях да ўсталявання такіх адносін мне неаднаразова ўказваў вельмі паважаны мною брат Эрнст Сабіла. Так і стаяць ягоныя словы ў маіх вушах дасюль: “Мікалай, толькі добрымі справамі ад сябе, сваімі сіламі, табе не атрымаць долі ў Валадарстве Нябесным, не наблізіцца да Госпада! Патрэбна пакаянне. Пачні маліцца. Звярніся да Бога, заклікай Яго ў малітве ў імя Ісуса Хрыста. Бо Ён, Ісус, і толькі Ён, ёсць “і шлях і праўда і жыццё…”, і “ніхто не прыходзіць да Бога як толькі праз веру ў Ісуса Хрыста як свайго асабістага Збавіцеля ды Гаспадара свайго жыцця”!

На пачатку 21 стагоддзя Госпад вельмі блізка звёў мяне яшчэ з адным евангельскім вернікам, вядомым паэтам ды дзеячам беларускай культуры Артурам Вольскім. Адна сястра ў Хрысце (“Алена Дылюк” – мк) неяк прынесла мне пачытаць кнігу Гордана “Тихие беседы о молитве”. Бо яна ведала пра праблему з адсутнасцю ў мяне малітоўнага жыцця. Гэтая кніга мяне захапіла. Я пачаў пакрысе перакладаць яе на беларускую мову. Бо лічыў яе вельмі карыснай для ўсіх. Маю працу па перакладу падтрымаў Артур Вольскі. Ён з гэтага моманту зрабіўся маім своеасаблівым настаўнікам. Недзе праз год, пасля таго, як была перакладзеная апошняя старонка, у мяне, у маім сэрцы, было толькі адно пытанне: “Чаму я не ў Царкве Ісуса Хрыста?” Я пакаяўся, вырашыў павярнуць сваё жыццё на 180 градусаў, да Ісуса Хрыста. Пачаў маліцца да Госпада. Аднойчы я падыйшоў да Артура Вольскага і запытаў яго: “Калі мне можна заключыць запавет з Ісусам Хрыстом праз воднае хрышчэнне?” Ён паклікаў братоў у Хрысце і падзяліўся з імі радаснай весткай: “Яшчэ адзін грэшнік пакаяўся ў сваіх грахах і жадае даверыць сваё жыццё Ісусу Хрысту!” 

Гэтая радасная падзея, далучэнне маё да Царквы Хрыстовай, адбылася 17 чэрвеня 2001 года. Мяне хрысцілі ў Сляпянскім канале браты Зміцер Лазута ды Мікалай Лазараў, недалёка ад вёскі, на месцы якой сёння ўзвышаецца гмах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Над вадой спявалі жаўранкі, яны яшчэ гнездаваліся тады паабапал канала. Сыйшлося мноства народу. Нават нейкім чынам тэрмінова прыляцеў з-за акіяна Юрка Рапецкі з братамі ды сёстрамі ў Хрысце… Спявалі хрысціянскія гімны. Віншавалі. Аднекуль зьявіўся чалавек у адзенні праваслаўнага святара, падыйшоў да мяне. І нягледзячы на тое, што я яшчэ быў у мокрай адзежы, з мяне ўсё яшчэ цякло, ён абняў мяне, пацалаваў і павіншаваў з хрышчэннем! Я пасля хацеў пазнаёміцца з ім, пагутарыць. Але яго болей не ўбачыў.

Не так даўно, адразу пасля пахавання на вясковых могілках цела майго бацькі, Ладымера, мама распавяла мне наступнае. Мае дзяды, і па “мечу”, і па “кудзелі”, адраджалі ў нашай вёсцы калісці мясцовую царкву. Яна мела назву, як сказала мая маці, – “Народная Царква”. Гэтая царква праіснавала на маёй радзіме, у вёсцы Обчын, да сярэдзіны 70-х гадоў 20 стагоддзя. Пакуль не адыйшоў з зямнога жыцця святар гэтай царквы, Кірыла (“Кірэй” – згодна мясцовай гаворкі” – мк.) Кійко. Калі я растлумачваў сваёй маме там, на Обчынскіх кладах, пра сутнасць веравызнання евангельскіх хрысціян-баптыстаў, яна выслухала ўсё, затым заплакала і прамовіла: “Ты, як твае дзяды, якія імкнуліся адрадзіць ды пашырыць Царкву!”

Ведаеце, вось гэтае прызнанне, “ты, як твае дзяды”, у след за дзеяннем Духа Святога, Духа Хрыстовага, надае мне таксама моц, сілы ды здольнасці ў маім “новым жыцці ў Хрысце”! 

Прапаведнік Евангелля Кійка Мікалай Ладымераў.