вход на сайт

Имя пользователя :
Пароль :

Восстановление пароля Регистрация

СЬВЯТАЯ ВЯЧЭРА

“Бо я прыняў ад Госпада тое, што й перадаў вам, што Госпад Яўгушуа Месія ў тую ж ноч, у якую Ён быў здраджаны, узяў хлеб, і, падзякаваўшы, разламаў яго і сказаў: «Гэта Цела Маё, якое за вас; рабеце гэта ў памяць пра Мяне». Таксама й чару, адхлябнуўшы, сказаў: «Гэтая чара ёсьць новым запаветам, заснаваным у Маёй крыві. Рабеце гэтак часта, як вы п'яцё яе ў памяць пра Мяне». Бо як толькі вы ясьцё хлеб гэты і п’яцё чару гэтую, вы абвяшчаеце сьмерць Госпада пакуль Ён ня зьявіцца.

Таму хто-колечы будзе есьць хлеб ці піць чару Госпада ня вартым чынам, той будзе вінаваты ў грэху супроць Цела й Крыві Госпада. Дык хай жа чалавек правярае сябе, а тады есьць хлеб гэты й п’е чару гэтую. Бо хто есьць і п’е не адрозьніваючы Цела, есьць і п’е прысуд сабе. З-за гэтага сярод вас шмат слабых і хворых, і шмат хто паснулі. Бо калі б мы належна сябе ацанілі, нас бы ня судзілі. Аднак будучы суджанымі Госпадам, мы прывучаемся да парадку, каб ня быць асуджанымі разам з сьветам.

Таму браты мае, калі вы прыходзіце есьці разам, чакайце адзін аднаго. І калі хто галодны, хай ён паесьць дома, каб вы не зьбіраліся разам на прысуд” (1 Карыньцянаў 11:23-34).

Хто пакаяўся й вызнаў Яўгушуа Месію сваім асабістым Адкупіцелям і Збаўцам,
хто бапцізіўся й жыве праведным жыцьцём,
хто носіць Яўгушуа Месію ў сэрцы сваім,
той хоча быць бліжэй да Яго.

Ён рыхтуе сябе духоўна, каб быць вартым, годным і адпаведным наблізіцца да Яго. Хлеб і ад плоду лазы вінаграднай таксама бяруць чыстымі: без закваскі й без алкаголю, без прыкметаў псаваньня. І ўрачыста, прачытаўшы вершы з Сьвятога Пісьма, памаліўшыся й падзякаваўшы, прымаюць сымбаль Цела й сымбаль Крыві Яўгушуа Месіі й узгадваюць, якім коштам Ён іх выкупляў.

Такім чынам адбываецца мацаваньне еднасьці з Госпадам Малкхіулам Яўгушуа Месіем, Сынам Госпада Ўлгіма Яўгу Айца, які збавіў і выкупіў грахі мінулыя, сучасныя й будучыя поўнасьцю праз дабравольнае прыняцьцё на Сябе расплаты за грахі кожнага, хто зьвярнуўся да Яго, давяраючы Яму з надзеяю на збаўленьне. І гэты ўразьлівы ўчынак Ён зрабіў для ўсяго чалавецтва, для грэшнікаў, якія былі тады, ёсьць цяпер і будуць яшчэ.

Аўлюль Яўгу (Алелуя)!