вход на сайт

Имя пользователя :
Пароль :

Восстановление пароля Регистрация

Шлях да новага жыцьця

З 90-х гадоў я стаў адчуваць патрэбу нешта шукаць, але ня ведаў што. Нешта такое, што ёсьць нябачным, што мне патрэбнае для жыцьця. Праваслаўе было за межамі маёй цікавасьці, бо там занадта бачныя аздабленьні й рытуалы. Аднойчы, 31 сьнежня я пайшоў у Чырвоны касьцёл, але знутры мне там не спадабалася з тае ж прычыны. Пра баптыстаў на той час я ня ведаў нічога, Бібліі не чытаў таксама.

На пачатку 2002 года ў мяне адбылася сустрэча з амэрыканскім місіянэрам Сьцівам Камінсам і ён запрасіў мяне на служэньне, якое адбывалася штонядзелю ў памяшканьні сталовай царквы “Віфлеем”. Упершыню я пачуў казань Дабравесьця. Яна мяне вельмі кранула. Апрача таго, я ўбачыў абсалютна іньшую манеру паводзінаў людзей. Яны былі вельмі ветлівыя, сьпявалі й маліліся так, як размаўлялі з блізкім і дарагім Чалавекам. Напрыканцы мы пілі гарбату, частаваліся печывам і размаўлялі, як вельмі блізкія сябры. Гэтай падзеяй я был вельмі ўражаны.

Я зразумеў, што напаткаў тое, што шукаў, і, што адбываецца прынцыповы момант майго жыцьця. У наступную нядзелю я ішоў у царкву, якая называлася “Сьвятло надзеі”, як на крылах. Я разумеў, што патрапіў у нешта такое, адкуль ужо ніколі не пайду назад і сам сябе запытаў: “На якой мове ты будзеш маліцца, на якой мове ты будзеш размаўляць з Госпадам у сэрцы сваім: на расейскай, беларускай ці ангельскай?” І сам сабе адказаў: “На беларускай.” А беларускай мовай у царкве ніхто не карыстаўся, і я таксама толькі пачынаў.

Усе ведалі маю прыхільнасьць да беларускай мовы й, як толькі зьявілася выданьне Бібліі ў перакладзе В. Сёмухі, мне яго адразу прынесьлі, як падарунак. Біблію я чытаў няспынна, таму досыць хутка ўзрастаў. Спачатку мая адукацыя радыёфізіка, скончыўшага БДУ ў 1973 г., замінала мне разумець стварэньне сьвету па Бібліі, а пасьля ўсё стала на свае месцы. Больш за тое, сёньня парадокс дзьвюх блізьнятаў з тэорыі адноснасьці Энштэйна для мяне ёсьць цудоўнай ілюстрацыяй Сьвятога Слова.

У жнівені таго ж году я ня мог дачакацца калі Сьціў Камінс вернецца з вакацыяў, каб мне бапцізіцца. Гэта адбылося вельмі ўрачыста ў баптыстэрыі царквы “Сьвятло Евангелля” 22 верасьня. Сьціў Камінс прачытаў казань, а прапаведнік з Паўночнай Ірляндыі Сьціў Кэры мяне бапцізіў. Падчас гэтай падзеі мая дачка Юлія грала на аргане “Такату й фугу рэ-мінор” І.С.Баха й мы ўсе адчувалі сябе, як на небе. А калі пасьля пераапрананьня я спускаўся па прыступках зь верхняга пакоя на сцэне, мне сталі пляскаць ў ладкі, дык я адчуў сябе, як ніколі ў жыцьці, на трэцім небе, як кажа Павал у 2 Кар. 12:2. Я ўжо не кажу пра віньшаваньні, якія былі пасьля.

У 2004 годзе Сьціў Камінс вярнуўся ў ЗША. Таму мы ў царкве сталі самі па чарзе прапаведаваць Дабравесьце й мае прамовы былі па-беларуску. У гэты час я сустрэў перакладчыка Ўладзімера Бараніча. Ён мне распавёў пра свае веды й крыніцы наконт Імя Госпада. Лічыцца, што Імя Госпада захавалася ў рукапісах толькі ў выглядзе зычных літараў YHWH, якія ніхто ня ведае як вымаўляць, таму паміж імі падставілі галосныя літары ад слова Аданай і атрымалася Імя Егова. З крыніцаў У.Бараніча вынікае, што Імя Госпада не магло не захавацца ў імёнах Яго народу, народу, якому Ён столькі адкрыў і столькі зрабіў. Гэтым Імём ёсьць Імя Яўгу. Я знайшоў гэты аргумэнт пераканаўчым напоўніцу. Тлумачэньні й крыніцы на гэты конт дадзены тут.

Такім чынам, я вызнаю Імя Айца - Яўгу, а імя Сына - Яўгушуа (Яўгу збаўляе). Але веданьне Імя Госпада аўтаматычна не гарантуе цьвёрдай веры, бо вера дзейнічае празь любоў, то бок праз сьледаваньне за Сьвятым Словам. А як існуе шмат прыкладаў цудоўнай веры тых, хто вызнае Імя Збаўцы па-грэцку, дык, калі мы трымаемся Сьвятога Слова, неістотна, на якой мове мы зьвяртаемся да Айца й Сына. І так іхнія Імёны вымаўляюцца ў розных краінах не аднолькава. Таму я ў прысутнасьці новых людзей зьвяртаюся да Збаўцы адразу й па-габрэйску, і па-грэцку: Яўгушуа Месія / Ісус Хрыстос.

Што мне гэта дае? Жаданьне быць бліжэй да першакрыніцы Сьвятога Слова вынікае з жаданьня глыбей разумець Госпада, лепей усьведамляць Яго прысутнасьць і шчыльней набліжацца да Яго. Дасьледаваньне Сьвятога Слова й этымалёгіі габрэйскіх і грэцкіх словаў праз добра распрацаваныя англамоўныя крыніцы надае мудрасьці, духоўнага разуменьня й бачаньня, узмацняе веру й дае адказы на пытаньні жыцьця. Таму ўсе цытаты зь Бібліі, якімі я карыстаюся ў сваіх казаньнях і на гэтым сайце, дадзены ў маёй рэдакцыі.

Прапаведнік Дабравесьця Віктар Яржэмкоўскі