вход на сайт

Имя пользователя :
Пароль :

Восстановление пароля Регистрация

Як я стаўся хрысціянінам

Упершыню я атрымаў Евангелле па-беларуску з рук пастыра “Беларускай Эвангельскай Царквы” Эрнста Сабілы. Гэта адбылося на пачатку 90-х гадоў 20 стагоддзя. Але адбылося не выпадкова. Бо ўжо перад гэтым мяне вельмі кранулі “казаньні” на беларускай мове прапаведніка Евангелля з Канады, нашага суайчынніка Юркі Рапецкага. І калі я аднойчы пачуў палымяны выступ Эрнста Сабілы каля помніка Янку Купалу, то ў мяне ўзнікла неадольнае жаданне пагутарыць з ім. Звёў мяне з ім адзін малады чалавек, які прыйшоў неяк на прыём да мяне ў Мінгарсавет. А я працаваў там памочнікам намесніка старшыні Мінгарсавета Анатоля Гурыновіча…

Доўгія 10 год пасля знаёмства з Божым Словам я быў воддаль ад Хрыста. Хоць і набліжаўся да Яго пакрысе. Удзельнічаў у сходах вернікаў-хрысціян, кансультаваў некаторыя хрысціянскія грамады ды грамадзянскія супольнасці па пытаннях дзяржаўнай рэгістрацыі. Але мой духоўны стан быў нездавальняючы. Бо я ніяк не мог пачаць маліцца. У мяне ніяк не атрымлівалася ўсталяваць больш блізкія адносіны з Богам. А я гэтага вельмі жадаў. Пра адзіны шлях да ўсталявання такіх адносін мне неаднаразова ўказваў вельмі паважаны мною брат Эрнст Сабіла. Так і стаяць ягоныя словы ў маіх вушах дасюль: “Мікалай, толькі добрымі справамі ад сябе, сваімі сіламі, табе не атрымаць долі ў Валадарстве Нябесным, не наблізіцца да Госпада! Патрэбна пакаянне. Пачні маліцца. Звярніся да Бога, заклікай Яго ў малітве ў імя Ісуса Хрыста. Бо Ён, Ісус, і толькі Ён, ёсць “і шлях і праўда і жыццё...”, і “ніхто не прыходзіць да Бога як толькі праз веру ў Ісуса Хрыста як свайго асабістага Збавіцеля ды Гаспадара свайго жыцця”!

На пачатку 21 стагоддзя Госпад вельмі блізка звёў мяне яшчэ з адным евангельскім вернікам, вядомым паэтам ды дзеячам беларускай культуры Артурам Вольскім. Адна сястра ў Хрысце (“Алена Дылюк” – мк) неяк прынесла мне пачытаць кнігу Гордана “Тихие беседы о молитве”. Бо яна ведала пра праблему з адсутнасцю ў мяне малітоўнага жыцця. Гэтая кніга мяне захапіла. Я пачаў пакрысе перакладаць яе на беларускую мову. Бо лічыў яе вельмі карыснай для ўсіх. Маю працу па перакладу падтрымаў Артур Вольскі. Ён з гэтага моманту зрабіўся маім своеасаблівым настаўнікам. Недзе праз год, пасля таго, як была перакладзеная апошняя старонка, у мяне, у маім сэрцы, было толькі адно пытанне: “Чаму я не ў Царкве Ісуса Хрыста?” Я пакаяўся, вырашыў павярнуць сваё жыццё на 180 градусаў, да Ісуса Хрыста. Пачаў маліцца да Госпада. Аднойчы я падыйшоў да Артура Вольскага і запытаў яго: “Калі мне можна заключыць запавет з Ісусам Хрыстом праз воднае хрышчэнне?” Ён паклікаў братоў у Хрысце і падзяліўся з імі радаснай весткай: “Яшчэ адзін грэшнік пакаяўся ў сваіх грахах і жадае даверыць сваё жыццё Ісусу Хрысту!”

Гэтая радасная падзея, далучэнне маё да Царквы Хрыстовай, адбылася 17 чэрвеня 2001 года. Мяне хрысцілі ў Сляпянскім канале браты Зміцер Лазута ды Мікалай Лазараў, недалёка ад вёскі, на месцы якой сёння ўзвышаецца гмах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Над вадой спявалі жаўранкі, яны яшчэ гнездаваліся тады паабапал канала. Сыйшлося мноства народу. Нават нейкім чынам тэрмінова прыляцеў з-за акіяна Юрка Рапецкі з братамі ды сёстрамі ў Хрысце… Спявалі хрысціянскія гімны. Віншавалі. Аднекуль зьявіўся чалавек у адзенні праваслаўнага святара, падыйшоў да мяне. І нягледзячы на тое, што я яшчэ быў у мокрай адзежы, з мяне ўсё яшчэ цякло, ён абняў мяне, пацалаваў і павіншаваў з хрышчэннем! Я пасля хацеў пазнаёміцца з ім, пагутарыць. Але яго болей не ўбачыў.

Не так даўно, адразу пасля пахавання на вясковых могілках цела майго бацькі, Ладымера, мама распавяла мне наступнае. Мае дзяды, і па “мечу”, і па “кудзелі”, адраджалі ў нашай вёсцы калісці мясцовую царкву. Яна мела назву, як сказала мая маці, – “Народная Царква”. Гэтая царква праіснавала на маёй радзіме, у вёсцы Обчын, да сярэдзіны 70-х гадоў 20 стагоддзя. Пакуль не адыйшоў з зямнога жыцця святар гэтай царквы, Кірыла (“Кірэй” – згодна мясцовай гаворкі” – мк.) Кійко. Калі я растлумачваў сваёй маме там, на Обчынскіх кладах, пра сутнасць веравызнання евангельскіх хрысціян-баптыстаў, яна выслухала ўсё, затым заплакала і прамовіла: “Ты, як твае дзяды, якія імкнуліся адрадзіць ды пашырыць Царкву!”

Ведаеце, вось гэтае прызнанне, “ты, як твае дзяды”, у след за дзеяннем Духа Святога, Духа Хрыстовага, надае мне таксама моц, сілы ды здольнасці ў маім “новым жыцці ў Хрысце”!

Прапаведнік Евангелля Кійка Мікалай Ладымераў.